У Беларусі прыняты першы сьмяротны прысуд у 2017 годзе

22.03.2017 18:15

Міжнародныя ды беларускія праваабаронцы заклікаюць улады адмяніць сьмяротнае пакараньне.
pixabay.com

FIDH і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтар «Вясна» асуджаюць першы сьмяротны прысуд, вынесены ў 2017 годзе.

17 сакавіка 2017 году 32-гадовы Аляксей Міхаленя быў прысуджаны Гомельскім абласным судом да сьмяротнага пакараньня за два забойствы, учыненыя з асаблівай жорсткасьцю.

Міхаленя мае яшчэ права абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі, але апэляцыйны суд рэдка замяняе сьмяротныя прысуды, а шанцы на прэзыдэнцкае памілаваньне зьяўляюцца ілюзорнымі, гаворыцца ў сумеснай дакладзе FIDH і ПЦ «Вясна» «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».

Як паказвае даклад, на працягу расьсьледаваньня і судовага разьбіральніцтва самаагавор выкарыстоўваецца абвінавачваньнем у якасьці асноўнага доказу віны, у той час як права на эфэктыўную судовую абарону сыстэматычна парушаецца. У цэлым, прымяненьне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі суправаджаецца сурʼёзнымі парушэньнямі правоў чалавека на кожным этапе судовага разьбіральніцтва і ў пэрыяд утрыманьня пад вартай.

Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Паводле ПЦ «Вясна»/юл

We will add your biological and technological distinctiveness to our own.